Пенсіянерцы Тамары Ільіной міліцыянты параілі “дыхаць на балконе”
Тамара Ільіна – адна з удзельніц так званага “пікету ў лесе пад Віцебскам”.
Інцыдэнт, калі міліцыя затрымала шасцёра жанчын, якія займаліся фізкультурай на прыродзе, абляцеў увесь інтэрнэт. 13 студзеня ў пастарунку апынуліся жанчыны, з якіх чацвёра – пенсіянеркі, іх трымалі пад вартай амаль 8 гадзін без ежы і магчымасці прыняць лекі. У выніку чаго Тамара Ільіна трапіла ў кардыялагічны шпіталь, дзе знаходзіцца і дагэтуль.
Паводле спадарыні Тамары, міліцыянты іх затрымалі, бо амаль усе жанчыны раней былі асуджаныя паводле артыкула 23.34 КаАП, а значыць, патэнцыйна гатовыя зноўку ўзяць удзел у несанкцыянаваных масавых акцыях:
– Я ў іх яшчэ спытала: а як мне цяпер выйсці з дому? Як мне засцерагчыся? Ці мала дзе я буду праходзіць… А ён мне кажа: “Няма чаго выходзіць, сядзіце дома!”. Кажу: “Гэта як? А ў краму, а ў аптэку, а па справах? А як жа свежым паветрам падыхаць?” Адказалі : “Дыхайце на балконе!” Гэта ў Першамайскім РАУС мне адказалі, каб дыхала на балконе. Гэта маральна настолькі прыніжальна і цяжка!
Тамару Ільіну прывезлі ў кардыялагічны шпіталь з падвышаным ціскам у выніку перажытага стрэсу. Ёй ужо тэлефанавалі з суду Першамайскага раёну, каб даведацца, ці хутка яна ачуняе і зможа прысутнічаць на судовым працэсе. Пяцёра жанчын, затрыманых разам з ёй у лесе 13 студзеня, суд ужо апраўдаў, не знайшоўшы доказаў. Усе яны абураныя і шматгадзінным утрыманнем у РАУС, і тым, што на ноч іх завезлі ў СІЗА, – без аніякае віны.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск