У Менску сілавікі разагналі „Марш мудрасці”
Амаль усіх удзельнікаў традыцыйнага Маршу мудрасці ў Мінску, якія сабраліся на плошчы Незалежнасці, затрымалі.
Тэлеграм-каналы размясцілі фатаграфіі і відэазапісы, на якіх відаць, як сілавікі атачылі і загрузілі людзей, у асноўным пажылых, у аўтобусы. Супрацоўнік міліцыі ў форме ў гэты час у мегафон паўтараў: „Паважаныя грамадзяне, прайдзіце ў аўтобус!”
Паведамляецца, што Яна Грыба (84 гады) і Ніну Багінскую (73) адпусцілі, астатніх павезлі ў РУУС.
Прыблізна ў 15.00 плошча Незалежнасці апусцела. Рух транспарту па аднайменным праспекце аднавіўся.
Адразу пасля гэтага, у 15.07, другі вестыбюль станцыі метро „Плошча Леніна” (з боку плошчы Незалежнасці) адкрыўся для пасажыраў. Метрапалітэн працуе ў штатным рэжыме.
У той жа час у іншым пункце збору ўдзельнікаў Маршу мудрасці — ля навагодняй ёлкі блізу будынка чыгуначнага вакзала — была ўсталяваная лялька: пажылая жанчына трымае плакаты „Нас не дагоніш!” і Partisan Babka.
Маршы пенсіянераў праходзяць у Мінску штотыдзень з 5 кастрычніка.
15.10. Людзей на плошчы Незалежнасці практычна не засталося. Сілавікі раз’язджаюцца, паведамля tut.by.
14.54. Сілавікі затрымліваюць пенсіянераў на плошчы Незалежнасці, іх вядуць у аўтобусы.
14.40. На праспекце Незалежнасці часткова перакрыты рух у раёне станцыі метро Кастрычніцкая.
Удзельнікі маршу зладзілі карагод ля ёлкі, гукаюць „Жыве Беларусь!”
Фота: tut.by
Сілавікі ачапілі пенсіянераў вакол каляднай ёлкі. Патрабуюць разысціся.
Сілавікі высадзіліся на плошчы Незалежнасці, дзе быў намечаны старт маршу пенсіянераў.
Аўтобусы з сілавікамі, фота Тут. бай.
Каля 14 гадзін дюдзі пачалі збірацца ля Чырвонага касцёла. Сабралася каля сотні чалавек, ёсць нацыянальныя сцягі.