Перадвыбарчы пікет АГП на Камароўскім рынку
У Менску каля Камароўскага рынку адбыўся перадвыбарчы пікет Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго ўдзельнікі распавялі грамадзянам пра шматлікія парушэнні падчас датэрміновага галасавання на выбарах у мясцовыя саветы. Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, падчас пікету „мы выказываем усё набалелае, што накапілася за час гэтай перадвыбарчай кампаніі”.
– Мы звяртаемся да людзей і інфармуем, пакуль ёсць такая магчымасць, бо паслязаўтра яе ўжо не будзе. Гэта магчымасць сказаць, як крадуць іх галасы. І мы гаворым на канкрэтных прыкладах пра так званыя «каруселі», два факты чаго мы асабіста зафіксавалі, гаворым пра падтасоўку, маніпуляцыю з колькасцю прагаласаваўшых. Я бачу, што людзі задумваюцца. У гэтым я і бачу сэнс правядзення такіх пікетаў.
Па словах Анатоля Лябедзькі, бачна, што фальсіфікацыі з яўкай адбываюцца арганізавана. Міліцыя вельмі павольна і арыгінальна рэагуе на паведамленні пра парушэнні, робячы выгляд, што нічога не здарылася. „Таму можна гаварыць пра арганізаваную злачынную групоўку, у якой задзейнічаны не толькі чальцы камісій, не толькі адміністрацыя, не толькі „карусельшчыкі”, але і сілавыя структуры,” – лічыць Анатоль Лябедзька.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя