Перадвыбарчыя абяцанні ўлад Мікашэвічаў
Двойчы на сход збірала мясцовае і раённае кіраўніцтва жыхароў 10-га мікрараёна Мікашэвічаў па пытанні тэлефанізацыі іх мікрараёна.
З гэтых сустрэч людзі даведаліся, што тэлефанізацыю ўключылі ў план капітальнага будаўніцтва 2016 года, бо патрэбна вялікая сума грошай. Але людзі абяцанням не паверылі, кажа актывіст кампаніі “Гавары праўду” Леанід Дубаносаў:
– Яны нам расказваюць казкі пра тое, што патрэбна столькі труб, столькі дротаў. А дом знаходзіцца не далей за 600 метраў, стаіць побач, яго бачна. А яны тут такія сумы агучваюць – мільярды рублёў! Усе смяюцца з гэтага. Іх абяцанні – гэта абяцанні перад выбарамі. А пасля іх нічога не будуць рабіць. Мы ўжо маем досвед. Мы звярталіся да мясцовых улад, нам паабяцалі зрабіць у гэтым годзе, але нічога так і не зроблена.
Паводле Дубаносава, актывісты кампаніі “Гавары праўду” будуць сачыць за гэтай сітуацыяй і трымаць яе пад кантролем.
Беларускае Радыё Рацыя, Мікашэвічы