Пераклад Жыллёвага кодэкса на беларускую мову можа быць зацверджаны ў чэрвені



Экспертная рада па перакладзе заканадаўчых актаў на беларускую мову можа зацвердзіць беларускамоўную версію Жыллёвага кодэкса ў чэрвені. Пра гэта БелаПАН паведаміла сябра рады, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім.

Летась эксперты ўхвалілі беларускамоўныя версіі Кодэкса аб шлюбе і сямʼі, Выбарчага кодэкса ды часткі Грамадзянскага кодэкса, а сёлета – Грамадзянскага кодэкса цалкам. Апрача перакладу Жыллёвага кодэкса эксперты маюць намер да канца года зацвердзіць пераклад Кодэкса аб зямлі.

Экспертная рада па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову сфармаваная ў 2019 годзе пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі.

Беларускае Радыё Рацыя