Перакладчыца Вольга Калацкая зноў з’яўляецца падазраванай па крымінальным артыкуле
Перакладчыца Вольга Калацкая зноў з’яўляецца падазраванай паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
„Следчы камітэт адмяніў пастанову аб спыненні вытворчасці па арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. Адпаведна Калацкая зноў з’яўляецца падазраванай па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса”, — гаворыцца ў паведамленні.
У цяперашні час Калацкая адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу за тое, што падчас адной з акцый пратэсту ў мінулым годзе ўдарыла супрацоўніка тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка. Судовае рашэнне 24 сакавіка гэтага года вынес суд Фрунзенскага раёна Менска (суддзя Ала Скуратовіч).
Калацкая цалкам прызнала віну і ў судзе заявіла, што шкадуе пра ўчынак. Спярша яна адмовілася прасіць прабачэння ў Азаронка, бо лічыць, што падчас акцыі пратэсту ён задаваў людзям пытанні пра дэталі біяграфіі загінулага Рамана Бандарэнкі і тым самым хацеў паказаць, што дзеянні і пачуцці прысутных несапраўдныя і няшчырыя. Абвінавачаная сказала, што менавіта гэта выклікала ў яе такую рэакцыю. Пазней Калацкая заявіла, што „ўсё ж парушыла фізічныя мяжы” пацярпелага, і таму просіць прабачэння. Азаронак прыняў прабачэнні.
Калі Калацкую затрымалі 15 студзеня 2021 года, адвакату паведамілі, што яна з’яўляецца падазраванай паводле арт. 342 КК. Аднак 19 студзеня ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).
Вольга Калацкая — выкладчыца англійскай мовы, перакладчыца кнігі Маргарэт Этвуд „Пенелапіяда”, а таксама твораў Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга. Займаецца перакладамі фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову. Яна таксама шмат працавала з журналістамі — выкладала ім англійскую мову, рабіла пераклады. Затрыманне Калацкай выклікала шырокі грамадскі рэзананс. З патрабаваннямі неадкладна вызваліць перакладчыцу выступілі Амерыканскі ПЭН-цэнтр і канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.