Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве



Перакладчыцы Вользе Калацкай прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.339 Крымінальнага кодэкса «Хуліганства». Пра гэта стала вядома прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў межах крымінальнай справы. Родныя мяркуюць, што яе прыцягваюць да адказнасці за падзеі, паказаныя ў матэрыяле супрацоўніка дзяржаўнага тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка, у якім жанчыны падчас аднаго з маршаў гучна сварацца з прапагандыстам.

Пасля прад’яўлення абвінавачання следчыя Фрунзенскага раённага аддзялення Следчага камітэта вызначылі меру стрымання перакладчыцы на час следства ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Днямі Вольгу Калацкую перавядуць у Жодзінскае СІЗА.

Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейку Смітаў» ды іншыя.

Як паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр, да патрабаванняў вызвалення перакладчыцы далучыліся PEN America і асабіста сусветна вядомая пісьменніца Маргарэт Этвуд, чый раман «Пенелапіяда» на беларускую пераклала Вольга Калацкая.

«Жахліва назіраць, што ўрад Беларусі працягвае жорсткі напад на тых, чыё адзінае жаданне — жыць у дэмакратычнай краіне, дзе паважаюць іх правы, — сказала Маргарэт Этвуд. — Асабліва цяжка бачыць, як маіх калег-пісьменнікаў і членаў літаратурнай грамадскасці чакае пераслед. Я шчыра спадзяюся, што Вольга і ўсе несправядліва затрыманыя ў Беларусі будуць неадкладна вызваленыя».

novychas.by

Фота з фэйсбука Вольгі Калацкай