Перакладчыцы Вользе Калацкай выстаўленае абвінавачванне ў хуліганстве
Затрыманай на мінулым тыдні перакладчыцы Вользе Калацкай выставілі абвінавачванне на падставе часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У хуткім часе яе перавядуць у СІЗА ў Жодзіне.
Калацкая была затрыманая 15 студзеня ў сваёй кватэры ў Мінску. Яна паспела паведаміць на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што яе павезлі ў Фрунзенскае РУУС „на размову”. Пазней адвакату паведамілі ў РУУС, што яна затрыманая па крымінальным артыкуле (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Вольга Калацкая — выкладчыца англійскай мовы, перакладчыца кнігі Маргарэт Этвуд „Пенелапіяда”, а таксама твораў Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга. Займаецца перакладамі фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову.
Калацкая жыве са сваёй 89-гадовай маці, якой неабходны догляд.
Раней таксама затрымліваліся, але пасля допыту былі адпушчаныя дырэктар прыватнага выдавецтва „Кнігазбор” Генадзь Вінярскі, дызайнер Анатоль Лазар, заснавальнік прыватнага выдавецтва „Янушкевіч” Андрэй Янушкевіч, кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха.