Пераслед актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў
Чацвер, 12 лістапада, у Менску адзначыўся пераследам студэнцтва. Непасрэдна — прыхільнікаў і прыхільніц Задзіночання беларускіх студэнтаў.
Да Аланы Гебрамарыям (якая з’яўляецца і сябрам Каардынацыйнай рады) дамоў прыязджалі з вобшукам. А сябру рады і прэс-сакратарку ЗБС Ксенію Сырамалот пасля вобшуку затрымалі. Пазней стала вядома, што яна знаходзіцца ў КДБ. Акрамя гэтага, затрыманы тры чалавекі з ЗБС – студэнт біяфака БДУ Ягор Канецкі і студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Яна Арабейка і Кася Будзько. Па папярэдняй інфармацыі, усе яны праходзяць па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Усе гэтыя дзеянні можна трактаваць як ціск на студэнцтва, лічыць кам’юніці-каардынатарка Задзіночання Беларускіх студэнтаў Дар’я Рублеўская:
– ЗБС, як найстарэйшая і найвялікшая арганізацыя, якая гістарычна і зараз яднае найлепшых прадстаўнікоў студэнства. З’яўляецца як ты такім вірам. Таму мы ў ЗБС сталі такой мішэнню нумар адзін.
У межах 342-га артыкула Крымінальнага кодэкса была затрымана і студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марыя Каленік. Яе сястра, мастачка Ульяна Няўзорава, распавяла, як праходзіў вобшук у іх дома:
– Забралі тэхніку. Кампутар не забралі, але ўсё скапіявалі з яго. Было два панятыя, вельмі незразумелыя, яны выглядзелі як і следчыя, толькі абутак быў іншы. Адзін з панятых знайшоў плакат, які знаходзіўся ў нас у калідоры, і сказаў аб гэтым следчаму. То бок, паняты таксама займаўся вобшукам.
Пасля вобшуку Марыю Каленік адвезлі нібы на допыт у якасці сведкі, але з будынку КДБ яна так і не выйшла.
Беларускае Радыё Рацыя