Пераслед берасцейскіх незалежных журналістаў працягваецца



Супраць незалежнага журналіста Алеся Ляўчука рыхтуецца новая адміністрацыйная справа. Ад журналісткі Іны Хоміч запатрабавалі сплаціць штраф, хоць тэрмін для яго спагнання фармальна скончыўся.

Ляўчук паведаміў, што яму патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі з Ленінскага РАУС Берасця, супраць яго распачата адміністрацыйная справа паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Падставай для гэтай справы, паводле міліцыянта, стаў рэпартаж на тэлеканале «Белсат», прысвечаны футбалісту берасцейскага «Дынама» Раману Васілюку. Паводле гэтага адміністрацыйнага артыкула журналіста ўжо судзілі двойчы.

Таксама супрацоўніца нашага радыё з Берасця Іна Хоміч атрымала пастанову з аддзелу прымусовага выканання Маскоўскага раёну Берасця. У дакуменце паведамляецца, што 1-га красавіка Іна Хоміч была пакараная штрафам у 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў «за распаўсюд і выраб прадукцыі СМІ». У пастанове «аб пачатку выканаўчай вытворчасці», якую журналістка атрымала 18-га чэрвеня, гаворыцца, што яна мусіць сплаціць штраф да 16-га чэрвеня і перадаць квітанцыю судоваму выканаўцу.

Штраф журналістка сплаціла, але што азначае патрабаванне перадаць судоваму выканаўцу квітанцыю аб аплаце да 16-га чэрвеня, застаецца загадкай.

Беларускае Радыё Рацыя