Пераслед СМІ і журналістаў у 2021 годзе



Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў падрыхтавала тэматычны агляд. Асноўная выснова: за год, які мінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў, становішча ў беларускім медыясектары значна пагоршылася.

Медыі і журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсіяў. Больш як 500 разоў пасля выбараў прадстаўнікі сілавых структураў затрымлівалі журналістаў, больш за 130 прадстаўнікоў СМІ былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 сутыкнуліся з гвалтам або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, з іх 29 асобаў – пад вартай або ў месцах пазбаўлення волі. Дзясяткі юрыдычных асобаў, у форме якіх дзейнічалі медыяарганізацыі, ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Інфармацыйная прадукцыя СМІ, сайтаў, блогераў масава прызнаецца экстрэмісцкай з забаронай яе распаўсюду іншымі суб’ектамі медыяполя.

У офісах большасці незалежных нацыянальных і рэгіянальных медыяарганізацыяў і ў кватэрах іх супрацоўнікаў адбыліся каля 140 вобшукаў і аглядаў, якія суправаджаліся выманнем тэхнікі, дакументаў і грошай. Улады абмежавалі доступ да больш як 100 грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў. Большасць нацыянальных і рэгіянальных газетаў былі вымушаныя спыніць выпуск у друкаванай форме, але яны працягваюць выдавацца анлайн.

Пад пераслед патрапілі і медыяарганізацыі, якія займаюцца падтрымкай журналістаў і масмедыяў. Улады пазбавілі юрыдычнага статусу больш за 270 грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку саму Беларускую асацыяцыю журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, які ачольвае нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Беларускае Радыё Рацыя