Пераслед удзельнікаў Свіслацкага фэсту (абноўлена)
У Свіслачы завяршыўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць Юрыя Глебіка. Актывіста прызналі вінаватым у арганізацыі Свіслацкага фэсту, што традыцыйна быў арганізаваны ў памяць паўстанцаў 1863-га году.
Наш карэспандэнт паведаміў са Свіслачы:
– Старшыня суда Свіслацкага раёна Аляксандр Шылін вынес прысуд Юрыю Глебіку паводле артыкула 23.34 частка 3 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Яго абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суддзя палічыў за несанкцыянаванае мерапрыемства ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года. У якасці сведкаў выступілі два міліцыянты, якія пацвердзілі тое, што Глебік удзельнічаў у мерапрыемствах і трымаў у руках забаронены бел-чырвона-белы сцяг. Юрый Глебік спытаў: ці з’яўляецца бел-чырвона-белы сцяг забароненай сімволікай? На гэтае пытанне міліцыянты не ўстане былі нічога адказаць.
* * *
У Свіслачы пройдзе разгляд адміністрацыйнай справы супраць Юрыя Глебіка. Актывіста звінавачваюць у арганізацыі Свіслацкага фэсту, што традыцыйна адбыўся у памяць паўстанцаў 1863-га года. З падрабязнасцямі з месца падзей наш карэспандэнт:
– Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння без прысутнасці Юрыя Глебіка, які нават дакладна не ведае, у чым яго вінавацяць. Грамадскі актывіст атрымаў пратакол, як і позву ў суд, па пошце. У мінулым годзе суд Свіслацкага раёна разглядаў справу па абвінавачванні Юрыя Глебіка ў арганізацыі і ўдзеле ў мерапрыемствах, прысвечаных памяці паўстанцаў 1863 года без яго прысутнасці. Сведкамі выступалі міліцыянты, якія і сёння будуць сведчыць супраць грамадскага актывіста.
Яшчэ тры ўдзельнікі Свіслацкага фэсту Віктар Сазонаў, Эдвард Дмухоўскі ды Уладзімір Хільмановіч абвінавачваюцца ў парушэнні парадку правядзення сходаў і пікетаў. Грамадскім актывістам пагражае да 50 базавых велічыняў штрафу альбо арышт.
* * *
На трох грамадскіх актывістаў складзены адміністрацыйныя пратаколы. Нагодай стаў іх удзел у Свіслацкім фэсце ў памяць паўстанцаў 1863-га года. Віктар Сазонаў, Эдвард Дмухоўскі ды Уладзімір Хільмановіч звінавачваюцца ў парушэнні парадку правядзення сходаў і пікетаў. Эдвард Дмухоўскі ўдзельнічае ў дні памяці паўстанцаў ужо больш за дваццаць гадоў. Ён не згодны, што для таго, каб пакланіцца магілам, трэба браць дазвол з міліцыі.
Эдвард Дмухоўскі:
– Гэтым разам канкрэтна ў дачыненні да мяне напісана, што я выкарыстоўваў незарэгістраваную сімволіку – бел-чырвона-белы сцяг, браў удзел у несанкцыянаваным шэсці, а таксама мітынгу ў Якушоўцы, хоць гэтым разам я ў Якушоўцы не быў. Гэта сведчыць пра тое, што пратакол складзены пад капірку. Яны нават не прааналізавалі свой матэрыял, які здымалі.
Грамадскім актывістам пагражае да 50 базавых велічыняў штрафу альбо арышт. 19 лістапада ў Свіслачы пройдзе разгляд адміністрацыйнай справы супраць Юрыя Глебіка за ўдзел ва ўшанаванні паўстанцаў.
* * *
18 лістапада гарадзенскім актывістам і праваабаронцам Уладзіміру Хільмановічу і Віктару Сазонаву паведамілі, што ў дачыненні да іх пачата адміністрацыйная справа, і што яны павінны з’явіцца каб даць тлумачэнні — расказаў нашаму радыё Віктар Сазонаў:
— Сёння з раніцы пазваніў інспектар Ленінскага РАУС Вайцешка і сказаў што нас выклікаюць па свіслацкай справе. Маўляў, заведзена адміністрацыйная справа і яму трэба ўзяць ад нас тлумачэнні. Канкрэтна мне ён сказаў, што мяне абвінавачваюць у незаконным пікетаванні і шэсці.
Таксама Віктару Сазонаву паведамілі, што суд адбудзецца ў Свіслачы. Традыцыйная акцыя памяці паўстанцаў Каліноўскага прайшла сёлета 31-га кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы. Раней мы паведамлялі, што адміністрацыйны пратакол складзены на свіслацкага актывіста Юрыя Глебіка.
Пазней стала вядома, што аналагічная адміністрацыйная справа пачатая таксама яшчэ на аднаго ведамага гарадзенскага актывіста Эдварда Дмухоўскага, участковы міліцыянт азнаёміў яго з пратаколам пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне.
Разгляд адміністрацыйнай справы Юрыя Глебіка павінен адбыцца 19 лістапада.
У сёлетнім фэсце ўдзельнічалі больш за сто чалавек.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя