Пераслед уладаў давёў актывіста да інсульта
60-гадовы ўладальнік дапаможнай гаспадаркі з вёскі Малыя Прылукі, Кобрыньскага раёна Сцяпан Дубчук трапіў на бальнічны ложак з інсультам пасля апошняга 4-га пасяджэння суда. Хаця раней на здароўе не скардзіўся. Судзілі вяскоўца нібы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на плошчы горада ў Кобрыні 7 лістапада.
Адміністрацыйны пратакол быў складзены кобрыньскай міліцыяй пасля таго, як з’явілася ў СМІ пра ўдзел Дубчука ў дзяржаўным святкаванні 100-годдзя кастрычніцкай рэвалюцыі. Сцяпан Дубчук выйшаў з плакатам „Зямля – сялянам! Калі?”. Перад судамі некалькі разоў праваахоўныя органы выклікалі Дубчука на размову.
Зараз Дубчук праходзіць рэабілітацыю ў адной з Берацейскіх бальніц, кажа грамадскі актывіст Аляксандр Мех:
– Суд 4-га студзеня не знайшоў у яго дзеяннях складу правапарушэння, да адміністрацыйнай адказнасці адказнасці яго не прыцягваў. Але ж менавіта гэтыя суды і гэтыя хваляванні адразу пасля гэтых судоў, ён трапіў у шпіталь. Ён звяртаўся да пракурора, і з пракуратуры ён атрымаў адмоўны адказ на свой зварот, але збіраецца змагацца далей.
Пераслед міліцыяй Сцяпан Дубчук успрыняў блізка да сэрца. Суды цягнуліся некалькі месяцаў і выматвалі здароўе. У пагаршэнні здароўя ён вінаваціў праваахоўныя органы.
Тры гады Дубчук змагаўся за выдзяленне яму трох гектараў зямлі. Да гэтага ён гаспадарыў на трох гектарах, выдзеленых маці. Пасля суда старшыня райвыканкама паабяцаў яму паспрыяць у справе выдзялення зямлі. Але ці дазволіць яму цяпер падарванае здароўе займацца нялёгкай сялянскай працай, кажа Аляксандр Мех.
Беларускае Радыё Рацыя