Пераслед яшчэ пецярых супрацоўнікаў tut.by па „справе БелТА” спынены
Крымінальны пераслед па „справе БелТА” пецярых супрацоўнікаў інтэрнэт-партала tut.by, у тым ліку рэдактараў Галіны Уласік, Ганны Калтыгіный, Дзмітрыя Бобрыка, спынены.
Як паведамляе tut.by, 27 лістапада былі задаволены іх хадайніцтвы аб спыненні вытворчасці па крымінальнай справе на падставе арт. 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Усе рэдактары пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па „справе БелТА” яны праходзяць як сведкі. Падпіска аб нявыездзе адменена, забарона на выезд з краіны знятая.
З ліку супрацоўнікаў tut.by абвінавачанымі па крымінальнай справе застаецца галоўны рэдактар партала Марына Золатава і рэдактар Ганна Ермачонак. Золатавай прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамлялася раней, 26 лістапада стала вядома аб спыненні па аналагічных абставінах крымінальнага пераследу міжнароднага аглядальніка БелаПАН Таццяны Каравянковай, рэдактара tut.by Ульяны Бабаед, а таксама рэдактара інтэрнэт-сайта газеты „Беларусы і рынак” Аляксея Жукава.
22 лістапада яшчэ двух фігурантаў справы, уласнага карэспандэнта „Нямецкай хвалі” Паўла Быкоўскага і рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.
Усяго па „справе БелТА” праходзілі 15 чалавек. Усе яны, акрамя галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай, былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі БелТА). Золатавай прад’явілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Усім фігурантам прад’яўлены іскі аб шкодзе, яго сумы вар’іруюцца ад 3 да 17 тысяч рублёў.
З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў некаторых іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, а таксама Павел Быкоўскі і Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.