У супрацоўнікаў «Новага Часу» адбыліся ператрусы (абноўлена)
Рэдактарку «Новага часу» Аксану Колб і намесніка рэдактара Сяргей Пульшу пасля допыту адпісцілі, у іх канфіскавалі тэхніку. Ад раніцы не было сувязі з журналістамі. Пазней стала вядома, што ў Сяргея Пульшы быў ператрус дома, пазней яго павезлі ў рэдакцыю «Новага Часу». Галоўную рэдактарку Аксану Колб даставілі ў Следчы камітэт. У другой палове дня паведамлялася, што журналісты на волі.
Як кажа Барыс Гарэцкі – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, арганізацыі, якую ліквідавалі ўлады – здавалася, што наступіла нейкая паўза ў ператрусах, але толькі таму, што фактычна ўжо ў Беларусі няма каго пераследаваць, засталіся адзінкі незалежных СМІ:
– Большасць журналістаў для сябе вырашала – альбо з’ехаць, альбо застацца працаваць. “Новы Час”, БелаПАН і яшчэ некалькі выданняў працягваюць заставацца ў Беларусі і дзейнічаць. Напэўна, улады ізноў дабраліся да медыйнай павесткі. На жаль, гэта вельмі сумна канстатаваць, бо расцярушванне адбываецца. Улады накідваюцца на чарговую рэдакцыю.
РР: Тое, што нашыя калегі на волі, што іх не затрымалі, бо падчас ранейшых такіх ператрусаў, адразу затрымлівалі і нават некаторы час мы не ведалі пра лёс нашых калегаў, – гэта нейкі добры знак? Як гэта трактаваць?
Барыс Гарэцкі: Падобна, што ідэя сённяшняга рэйду ў тым, каб напалохаць рэдакцыю. У Беларусі засталіся лічаныя рэдакцыі, якія не выехалі. І ясна, што ты працуеш да таго часу, пакуль да цябе не прыйдуць сілавікі і не забяруць тваю тэхніку. Пасля гэтага рэйду фармат працы і ўвогуле пытанне ці ты будзеш працаваць увогуле вельмі сур’ёзна змяняецца. Калі сказаць простай мовай, пару раз так да чалавека ўламіся, і ён, магчыма, увогуле прыме рашэнне не рабіць выданне, альбо пераехаць за мяжу. Магчыма, у гэтым мэта такіх сілавых аперацый. Калегі на волі – гэта вельмі файна. Я вельмі зычу “Новаму Часу” захавацца. Ці здолее выданне далей працаваць з Беларусі – гэта сёння вялікае пытанне.
Таксама ўчора ўвечары, 19 кастрычніка, у фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева прайшоў ператрус. Фатографа затрымліваць не сталі, але сілавікі забралі ўсю тэхніку. Як паведамляе выданне, падставай для ператрусу стала справа аб пагрозах намесніку начальніка Савецкага РУУС Менску.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Рэдактар «Новага часу» Аксана Колб і намеснік рэдактара Сяргей Пульша – на волі, перадае t.me/radiosvaboda.
У іх забралі амаль усю тэхніку. Абодва знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.
* * *
Стала вядома, што ў Сяргея Пульшы быў ператрус дома. Пасля гэтага сілавікі разам з Сяргеем паехалі ў рэдакцыю выдання. Каля 15-й гадзіны з журналістам „скончылі следчыя дзеянні”. Ён на свабодзе.
Аксану Колб забралі ў Следчы камітэт.
***
Няма сувязі з галоўным рэдактарам Аксанай Колб, журналістам, намеснікам рэдактара Сяргеем Пульшам, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Раніцай былі паведамленні пра затрыманне ў бізнэс-цэнтры «Парус» у Менску, што на вуліцы Мележа, там месціцца рэдакцыя «Новага Часу», паведамляе Наша Ніва.
19 кастрычніка ўвечары ў фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева прайшоў ператрус. Сілавікі забралі ўсю тэхніку. Як распавёў Дзмітрый, падставай для ператрусу стала справа аб пагрозах намесніку начальніка Савецкага РУУС. Год таму, падчас чарговых «сутак» на Акрэсціна, Дзмітрыя па ёй дапытваў КДБ.