Перасяленцы з Украіны: Кожны павінен ведаць сваю мову



21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Ён адзначаецца з 2000 года па ініцыятыве Бангладэш. 61 год таму там пры спробе адбараніць свае правы вучыцца на роднай мове загінула пяць студэнтаў. Усяго ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, але палова з іх пад пагрозай знікнення. Гэты дзень – яшчэ адна нагода задумацца і беларусам пра лёс роднай мовы.

У той час, як некаторыя з беларусаў лічаць сваю мову непрыгожай і не вартай да вывучэння, нават перасяленцы з іншых краін спрабуюць яе вучыць і дасягаюць у гэтым поспеху.

Кажуць перасяленцы з Украіны Аляксандр і Ларыса Лукіны, якія цяпер жывуць на Лепельшчыне.

Я лічу так: калі ты прыязджаеш жыць у тую ж Францыю, то не ходзіш і крычыш, што ты будзеш размаўляць па-расейску – ты вывучыш французскую мову. І ты вывучыш беларускую мову. Нам, канешне, цяжка тут. Нам ужо 40 гадоў, цяжка ўжо вывучыць беларускую мову, але мы разумеем яе.

– Малодшая дачка паўгода была вызваленая ад заняткаў, але цяпер яна вучыць, хутка схапіла. Першы год адна з лепшых напісала дыктоўку на 9 балаў. А як яна вершы чытае па-беларуску! Кожны, жывучы ў сваёй краіне, павінен ведаць сваю мову.

Іх дачка:

Беларуская мова мне падабаецца, але ўкраінская мова ўсё роўна лепшая. Праўда, украінскую мову я крыху забыла.

Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі, беларускую мову назвалі роднай крыху больш за палову жыхароў краіны. І калі б усе яны пачалі размаўляць па-беларуску, то былі б аптымістычныя прагнозы ў сферы беларусізацыі.

Кожны павінен ведаць матчыну мову. І не важна, украінец ты ці беларус, амерыканец ці француз. Бо няма нацыі без мовы, як і няма мовы без яго носьбіта.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя