Ператрус на кватэры гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца
Ператрус на кватэры гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца міліцыянты праводзілі на падставе таго, што каля абласнога ўпраўлення ДАІ нібыта хтосьці раскідаў металічныя шыпы. І ў гэтым, згодна інфармацыі сілавікоў, падазраюць 71-гадовага ветэрана незалежнай журналістыкі Гомельшчыны, які нядаўна перанёс складаную аперацыю.
Жонка журналіста Марыя Шыманоўская называе дзеянні міліцыянтаў сваволяй.
– Ім не да законаў. Ні ў адной краіне такога не можа быць, каб да людзей такога статуса, як Анатолій Іванавіч, прыходзілі такія людзі і так сябе паводзілі, з такімі дурнымі абвінавачваннямі. Там быў такі старэйшы гэтай групы, я яму кажу: „Вы ж разумееце, што гэта проста несянеціца, што вы тут кажаце, гэта немагчыма, і я разумею, што вы прыйшлі проста для адпіскі выканаць тое, што вам загадалі”. Дык вочы апускае, адводзіць.
Падчас ператрусу, які праходзіў вечарам 5 лютага, у журналіста Анатоля Гатоўчыца нічога не канфіскавалі – усю працоўную тэхніку, нататнікі і архіў забралі ў папярэднія два разы.
Беларуская Радыё Рацыя