Ператрус у дырэктара агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая (абноўлена)
Ператрус скончыўся, Алеся Ліпая вязуць у ДФР па Менску і Менскай вобласці.
Раніцай 14 чэрвеня на кватэры дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая праходзіў ператрус. Як паведамляе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, ператрус праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у межах узбуджанай крымінальнай справы. Кіруе дзеяннямі сілавікоў Дзмітрый Новікаў.
Каля месца ператрусу прысутнічалі праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Таццяна Рэвяка, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. У кватэру нікога з іх не пусцілі.
Пакуль невядомая сутнасць узбуджанай крымінальнай справы, але варта нагадаць, што менавіта з ператрусу праведзенага супрацоўнікамі ДФР пачаўся крымінальны пераслед старшыні Праваабарчага цэнтру „Вясна” Алеся Бяляцкага ў жніўні 2011 года.
Як паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка, ператрус праводзілі супрацоўнікі Дэпартамэнта фінансавых расследаванняў у межах пачатай крымінальнай справы. Сілавікі прыехалі на кватэру Алеся Ліпая а 7-й раніцы:
– Сам вобшук пачаўся адразу недзе пасля дзевяці. Да гэтага часу Ліпай не пускаў у кватэру. Калі пры ёй была брыгада для ўскрыцця дзвярэй, Алесь тады ўжо ўпусціў у кватэру. Там знаходзяцца панятыя – гэта відаць прадстаўнікі нейкага кааператыву. Я папрасілася панятой, мяне не ўзялі. На дадзены момант мы бачым толькі зачыненыя дзверы, за якімі адбываецца ператрус, а таксама двух чалавек у цывільным, якія знаходзяцца звонку. Нам вядома толькі што ператрус адбываецца ў межах крымінальнай справы, якую вядзе Дэпартамент фінансавых расследванняў, кіраўнік следчай групы Дзмітрый Новікаў.
Алесь Ліпай – беларускі журналіст і паэт. Сузаснавальнік і кіраўнік Беларускага прыватнага агенцтва навін і інфармацыйнага партала «Беларускія навіны».
У 1988 г. стаў першым карэспандэнтам Радыё «Свабода» ў Беларусі. Пры канцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навін у газеце «Знамя юности». У 1991-м годзе вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое з цягам часу перарасло ў інфармацыйную кампанію. З часу ўзнікнення БелаПАНу — генеральны дырэктар кампаніі.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Беларускае Радыё Рацыя