Ператрус у дзяўчыны, якая пагаліла галаву на знак пратэсту
З ператрусам прыйшлі да студэнткі Полацкага дзяржаўнага універсітэта Алесі Букі. Пра тое, што ў інтэрнат да яе прыйшла міліцыя, дзяўчына паспела паведаміць маці. Паводле суседак па інтэрнаце, студэнтку забралі ў міліцыю. У межах якой справы праводзіўся ператрус, застаецца невядомым.
Алеся Бука была ўдзельніцай відэазвароту студэнтаў ПДУ да грамадзян Беларусі, дзе быў выказаны пратэст супраць гвалту з боку міліцыі падчас мірных акцый. 11 сакавіка яна ўзяла ўдзел у флэшмобе “На што ты здольны дзеля мары”, пагаліўшы галаву на знак салідарнасці са зняволенымі па палітычных прычынах. Да ўдзельнікаў флэшмобу прыходзіла прадстаўніца пракуратуры, якая назвала іх паводзіны “дэструктыўнымі”, а відэаролік з працэсам галення галоў – “заклікам да дзеянняў”.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск