Ператрус у віцебскай каардынатаркі „Страны для жизни” Юліі Барсуковай (абноўлена)



Ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 342 ч. 1 “Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія цягнуць за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях”.

У якой якасці Юлія Барсукова фігуруе ў крымінальнай справе, пакуль не вядома. Яна паспела паведаміць праз тэлеграм-чат, што да яе дадому прыйшлі міліцыянты і запатрабавалі адчыніць дзверы:

– Раз, два, тры… колькі панятых у нас? Трое? Двое? Яны кажуць, што ў іх свае панятыя, мама патрабуе дакументы, яна тут у двары стаіць. Я пастанову прачытала. Але не буду ні за што распісвацца. Кажу адразу, і ўсім перадайце: наркотыкі я не ўжываю, і дома ў мяне нічога няма забароненага.

З ейных словаў, супрацоўнікі міліцыі прыязджалі да яе і ўчора, але сачылі звонку.  Прыватны дом, дзе Юлія Барсукова жыве разам з сям’ёй – мужам  і дзецьмі – з’яўляецца ўласнасцю ейнай маці, якая жыве ў другой палове хаты. Да актывісткі паехалі незалежныя журналісты і праваабаронцы. Ад іх стала вядома, што ў Юліі Барсуковай забралі 11 улётак, нейкія паперы, 4 мабільныя тэлефоны і 2 сістэмныя блокі. Саму дзяўчыну павезлі на допыт у Кастрычніцкі РАУС.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск