Ператрусы па „справе выбараў у КР” (абноўлена)



Следчы камітэт распавёў падрабязнасці па так званай «справе Каардынацыйнай рады» — падазраваных больш за 100 чалавек.

У якасці падазраваных па справе Каардынацыйнай Рады прыцягнута звыш ста асоб, праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, расказалі БЕЛТА у Следчым камітэце Беларусі.

СК сумесна з МУС збіраюць доказы адносна дзейнасці, якая вялася ў 2020 годзе па стварэнні Каардынацыйнай рады, піша БЕЛТА.

СК называе гэту ініцыятыву «спробамі па захопе дзяржаўнай улады» і прасоўваннем «ідэі гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу».

Лукашэнкаўцы сцвярджаюць, што спіс чальцоў Рады ім перадаў адзін з удзельнікаў КР, які нібыта вярнуўся ў Беларусь праз «камісію па вяртанні». Гэтае сцвярджэнне немагчыма праверыць, у мінулым такія заявы часта выяўляліся непраўдзівымі і скіраванымі на тое, каб пасеяць недавер.

Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, у тым ліку ператрусы. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытанне аб запуску працэдуры спецыяльнай вытворчасці, піша БЕЛТА.

***

Сёння, 28 лістапада, прайшоў ператрус у Паўла Латушкі. Пра гэта палітык паведаміў у сваім тэлеграм-канале. Таксама сілавікі прыйшлі да родных многіх супрацоўнікаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і ў кватэры, дзе яны раней жылі.

“Мы адзначаем, што гэта не паўплывае на дзейнасць Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі”, – гаворыцца ў паведамленні. Таксама ў ім зазначаецца, што з ператрусамі прыйшлі і да іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

Пра масавыя ператрусы ў людзей, звязаных з Каардынацыйнай Радай, сёння напісалі праваабаронцы і тэлеграм-каналы сілавікоў. Вядома, што прадстаўнікі службаў пабывалі ў кватэрах кіраўніка Руху “За Свабоду” Юрыя Губарэвіча і аналітыка Сяргея Чалага.

***

Ператрусы па „справе выбараў у Каардынацыйную Раду” праходзяць за „здраду дзяржаве” і шэраг іншых крымінальных артыкулаў.

Праваабронцы атрымалі інфармацыю, што сілавікі прыходзяць да людзей, якія нібыта звязаныя з КР, з пастановамі на ператрус паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

– здрада дзяржаве (арт. 356 КК);

– змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);

– заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);

– стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);

– фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК);

– садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).

t.me/viasna96