Ператрусы ў сябраў грамадскай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтр»



Як паведамляе Mayday Team, 18 студзеня супрацоўнікі невядомага сілавога ведамства ў цывільным заявіліся да сябра праўлення МПЦ Аляксандра Паўловіча, аднак нічога не канфіскоўвалі.

Раніцай 19 студзеня сілавікі ўварваліся да члена кантрольна-пагаджальнай камісіі, 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, у якой быў канфіскаваны сістэмны блок камп’ютара. Ніякіх распісак аб адабранні маёмасці ёй не пакінулі, сведкаў на кватэру не запрашалі. Па факце рабавання маёмасці жанчына патэлефанавала ў 102. Па яе выкліку прыбылі два міліцыянты, якія паведамілі, што маёмасць у яе забралі супрацоўнікі міліцыі.

У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра МПЦ, Васіля Ліпскага. Яго завезлі ў ягоную кватэру, якую таксама абшукалі, але нічога не канфіскавалі.

Магілёўскі праваабарончы цэнтр – адзіная ў Беларусі рэгіянальная арганізацыя праваабаронцаў, зарэгістраваная ўладамі. Аднак апошнія паўтара гады МПЦ актыўна не функцыянавала, паведамляе spring96.org.