Першакурсніка расейскай ВНУ з Беларусі арыштавалі за БЧБ-сцяг на студбілеце



Першакурсніка расейскай ВНУ з Беларусі арыштавалі за БЧБ-сцяг на вокладцы студэнцкага білета. На студэнта данёс супрацоўнік універсітэта, які адказвае за мабілізацыйную падрыхтоўку, піша t.me/ostorozhno_novosti.

15 верасня 18-гадовы ўраджэнец Мінска Данііл В. у аўдыторыі зялёнаградскага МІЭТ падчас занятку нібыта заявіў, што грамадзяне і ўрад РФ з’яўляюцца тэрарыстамі, у адрозненне ад украінцаў, і сказаў «Слава Украіне». Пра выказванні маладога чалавека даведаўся супрацоўнік ВНУ Фарыд Абдулін, які звярнуўся з заявай у паліцыю.

24 кастрычніка Данііла затрымалі на прахадной інстытута. У студэнта пры сабе быў пропуск у вокладцы БЧБ-сцяга. Паліцыянты заявілі, што сцяг з’яўляецца сімволікай «Палка Каліноўскага», які нібыта звязаны з забароненым у РФ «Легіёнам Свабода Расеі».

Суд арыштаваў маладога чалавека за вокладку на 5 сутак (там патлумачылі, што ён паказваў пропуск падчас паездак на электрычцы, чым прапагандаваў «экстрэмізм»), па другой справе – за фразу «Слава Украіне» – аштрафаваў на 35 тысяч рублёў.