Першая сусветная вайна: бітва за чужыя інтарэсы
98 гадоў таму 11 лістапада скончылася Першая сусветная вайна. Беларусь стала арэнай бітваў за чужыя інтарэсы. У выніку найбольш пацярпелі беларусы. Не толькі ад ваенных дзеянняў, але і ад дэпартацыі ў глыб Расеі, толькі пра гэта ва ўсе часы было забаронена гаварыць, – кажа краязнаўца Міхась Бернат:
– Яна зусім забытая, гэтая мікалаеўская вайна. Людзі, якія ўдзельнічалі ў ёй некім чынам, ці то ў дэпартацыі, яшчэ раз падкрэсліваю, што гэта не было бежанствам, гэта была спецыяльна прадуманая глыбокая палітыка ўрада Расеі – вынішчыць гэты край, і ў сэнсе людскім, і ў сэнсе матэрыяльным.
Баранавіцкае Таварыства беларускай мовы, краязнаўцы і грамадскія актывісты ўсё робяць для вяртання беларусам гістарычнай памяці пра Першую сусветную вайну. Штогод праводзяцца гістарычныя чытанні па тэме Першай сусветнай вайны. Праводзіліся экспедыцыі па пошуках пахаванняў загінулых у той вайне. Знойдзеныя пад час экспедыцый артэфакты размешчаны ў Баранавіцкім гістарычным музеі.
Беларускае Радыё Рацыя