Першы дзень беспрацоўнага Міхаіла Сашко



У панядзелак, 4 красавіка, слесар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Міхаіл Сашко не выйшаў на працу. Ён адпрацаваў на фабрыцы больш за 30 гадоў, да пенсіі яму засталося 3 гады. Але адміністрацыя фабрыкі з ім не працягнула працоўны кантракт і звольніла.

cms-image-000059640

Па словах Міхаіла Сашко, найперш яго звольнілі за тое, што ён пасля працы займаўся грамадскай дзейнасцю і ўваходзіць у прафсаюз РЭП.

У чацвер, 31 сакавіка, каля прахадной камвольна-прадзільнай фабрыкі нават адбыўся пікет у падтрымку рабочага фабрыкі Міхаіла Сашко, з якім адміністрацыя не працягнула працоўны кантракт. У пікеце тады прынялі ўдзел грамадскія акітывісты з Берасця, Гародні, Менску, Баранавічаў і Бабруйску. А лідар прафсаюзаў Генадзь Федыніч напісаў пісьмо прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову з просьбай разабрацца ў самавольстве наймальніка.

Радыё Рацыі Міхаіла Сашко сказаў, што ён будзе працягваць адстойваць свае правы, тым больш, што адміністрацыя фабрыкі яго звольніла з парушэннямі працоўных дамоваў. “Нават у калектыўнай дамове запісана, што рабочага, якому засталося да пенсіі тры і менш гадоў, з фабрыкі звальняць нельга. А мяне звольнілі, бо мая грамадская дзейнасць, маўляў, не спадабалася старшыні Слонімскага райвыканкама Алегу Таргонскаму. Ёсць і яшчэ шэраг дакументаў, згодна якіх мяне не мелі права звальняць. І я буду дабіцца свайго вяртання на фабрыку, якой аддаў 30 гадоў”, – сказаў Міхаіл Сашко.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.