Першы міністр абароны незалежнай Беларусі адзначае юбілей
Беларускаму вайскоўцу, генерал-лейтэнанту Паўлу Казлоўскаму 9 сакавіка спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння.
Павел Казлоўскі быў першым міністрам абароны незалежнай Беларусі, зацверджаны на гэтай пасадзе дэпутатамі Вярхоўнага Савета 22 красавіка 1992. Фактычна гэта ён стварыў беларускую армію на падмурку, які застаўся ў спадчыну ад савецкага часу. Пры ім Беларусь стала без’ядзернай дзяржавай.
У канцы ліпеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, а Павел Казлоўскі пайшоў у адстаўку разам з урадам Вячаслава Кебіча.
Пасля адстаўкі Павел Казлоўскі пачаў займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю, стварыў Міжнародны фонд рэабілітацыі здароўя былых вайскоўцаў. У 1995-2001 гадах ён з’яўляўся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер ён беспартыйны.
На прэзідэнцкіх выбарах падтрымліваў кандыдатуру Уладзіміра Ганчарыка і быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў 2010 годзе.
Цяпер Павел Паўлавіч на пенсіі, але цікавіцца тымі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі і ў свеце наогул. Шчыра віншуем Паўла Паўлавіча з юбілеем і жадаем яму здароўя, сіл і сямейнага дабрабыту.
Беларускае Радыё Рацыя