Першы пікет па зборы подпісаў за Ціханоўскую ў Лепелі



Збор подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах распачаўся ўвечары 11-га чэрвеня каля крамы “Еўраопт”.

Гараджане даўно чакалі магчымасці падпісацца за вылучэнне жонкі вядомага блогера, і, стоячы ў чарзе, абмяркоўвалі неабходнасць змены ўлады:

Спадар: Гэтага прэзідэнта даўно трэба замяніць. Яму даўно трэба было сысці ад улады. Ён давёў краіну да жабрацтва!

Спадарыня-пенсіянерка: Я так хачу дажыць – з гэтай нішчымніцы выбрацца, з гэтай хлусні ўсялякай! Нам раты закрываюць, кажуць, што мы – быдла. Хачу, як той казаў, праўды сваёй. Дайце праўды! Стоп таракан! Вось так!

Хлопец: Я ўсё сваё свядомае жыццё пражыў пры гэтым прэзідэнце, і нічога добрага так і не ўбачыў. Усе мы хочам жыць у краіне для жыцця! Жыве Беларусь!

11-га чэрвеня Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў сваёй ініцыятыўнай групы з Менску ды абласных цэнтраў спыніць збор подпісаў у бліжэйшыя тры дні, каб пазбегнуць ціску і правакацый.  Але збор подпісаў будзе працягвацца ў невялікіх гарадах і райцэнтрах. І прыклад Лепеля выразна паказаў, што простыя людзі з глыбінкі гэтаксама прагнуць пераменаў, як жыхары вялікіх гарадоў. І гэтаксама гатовыя адстойваць свой гонар і годнасць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск