Першы шматкватэрны дом на электраэнергіі ў Гарадзенскай вобласці



9 кастрычніка ў Слоніме ўрачыста адкрылі першы ў Гарадзенскай вобласці шматкватэрны дом, дзе для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы выкарыстоўваецца выключна электраэнергія. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел будаўнікі з Гародні, кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама і прадстаўнікі Гарадзенскага аблвыканкама, навасёлы.

9-павярховы дом на 171 кватэру ўзвялі на праспекце Незалежнасці ў Слоніме. Да шматпавярховіка не вядзе цеплатраса, у ім няма звычайнай разводкі сістэмы ацяплення, а ў кватэрах устаноўлены электрычныя канвектары і жыхары кватэр самыя будуць вызначаць, калі іх уключаць. Для кожнага пакоя можна ўстанавіць свой тэмпературны рэжым. Жыхары дома не будуць залежаць ад сезонных адключэнняў гарачай вады. Кватэры ў элетрадамах абсталяваныя двума ваданагравальнікамі кожная – адзін для ванны, другі для кухні. У кватэрах па два электралічыльнікі…

Такія кватэры ў Слоніме атрымалі шматдзетныя сем’і і іншыя людзі, якія маюць права на субсідыю па загаду № 240.

Такі самы шматпавярховы дом у Слоніме будуецца яшчэ, ён будзе здадзены вясной наступнага года.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара