Першы суд супраць “дэкрэта аб дармаедах” (абноўлена)



Суд супраць так званага “дэкрэту аб дармаедах” працягнецца 21 лютага.

Каля 10 тысячаў жыхароў Гомельшчыны вызваленыя ад уплаты збораў на дзяржаўныя сацыяьныя выдаткі, як тое прадугледжвае Дэкрэт “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Пра гэта распавялі прадстаўнікі падатковых органаў падчас судовага пасяджэння супраць так званага “дэкрэта аб дармаедах”.

Юрыст незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка хадайнічае аб тым, каб інспекцыя залічыла ў страхавы стаж для пенсіі, калі Аляксандр Сямёнаў заплаціць збор на дзяржаўныя выдаткі. Аплата, паводле так званага дэкрэта аб дармаедстве, складае 20 базавых велічыняў. Аднак прадстаўнік падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёну гаворыць, што не ў іх кампетэнцыі вырашаць пытанне наконт залічэння страхавога стажу.

Таксама праваабаронца Леанід Судаленка хадайнічае далучыць да справы дакументы, якія пацвярджаюць, што Аляксандр Сямёнаў плаціў за зямлю. А таксама прапанаваў звярнуцца да мабільных аператараў, каб высвятліць, які падатак на даданую вартасць заплаціў гамяльчук пры карыстанні тэлефонам. Падатковая інспекцыя выступіла супраць такой прапановы, каб не перагружаць мабільныя аператары лішняй працай. Суд падтрымаў пазіцыю падатковай інспекцыі.

 

Самая вялікая зала суда Цэнтральнага раёна не змясціла ўсіх ахвотных трапіць на першы суд супраць так званага “дэкрэта аб дармаедах”.

Гамяльчук Аляксандр Сямёнаў прайшоў са скаргамі раённую і абласную падатковыя інспекцыі. Цяпер ён праз суд спрабуе давесці свой удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а таксама дамагчыся неўжывання ў дачыненні да яго палажэнняў Дэкрэта №3.

 

У залі суда – блогеры, зборшчыкі подпісаў супраць дэкрэта, журналісты. Прадстаўнікі падатковай выступаюць супраць вядзення відэаздымак.

Аляксандр Сямёнаў заявіў ў пачатку пасяджэння хадайніцтва, каб ягоныя інтарэсы ў судзе прадстаўляй сябра прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Паколькі Сямёнаў напярэдадні ўступіў у незалежны прафсаюз, то хадайніцтва задаволілі.

Абстаноўка перад пачаткам суда была даволі нервовая. Людзі абураліся, што не хапіла ўсім месца. Аляксандр  Сямёнаў сумняецца ў пазітыўным выніку суда, але плануе прадаставіць доказы свайго ўдзела ў фінансаванні дзяржвыдаткаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель