Турысцка-інфармацыйны цэнтр пра бязвізавую Гародню адкрыюць у Літве



Першы турысцка-інфармацыйны цэнтр пра бязвізавую Гародню плануецца адкрыць у Літве ў студзені, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

augustouski_kanal-800x400

Інфармацыйны цэнтр, прысвечаны турыстычным магчымасцям пры наведванні Гарадзенскай вобласці з акцэнтам на адпачынак у бязвізавай зоне, будзе створаны сумесна з літоўскімі партнёрамі ў горадзе Бірштонас, з якім наладжаны даўнія сувязі па рэалізацыі праектаў у турыстычнай сферы.

Затым экспазіцыі аб Гарадзенскай вобласці плануецца адкрыць у падобных цэнтрах Марыямполя, Алітуса і горада Лаздзіяй. У іх ужо вызначаны памяшканні для прэзентацыі патэнцыялу бязвізавай Гародні і ваколіц.

„Стварэнне цэнтраў у Літве вядзецца па своеасаблівым інфармацыйным абмене – у турысцка-інфармацыйным цэнтры ў Гародні ў сваю чаргу частка экспазіцыі будзе прысвечана турыстычнаму патэнцыялу Літвы. Падобная практыка выкарыстоўваецца ў працы з польскімі калегамі – раней у Беластоку з’явіўся цэнтр, прысвечаны турыстычным магчымасцям Гарадзенскай вобласці, а ў Гародні – экспазіцыя аб Падляшскім ваяводстве, – паведаміў Алег Андрэйчык. – Турысцка-інфармацыйныя цэнтры ствараюцца для якаснага інфармавання патэнцыйных замежных турыстаў аб магчымасцях нашага рэгіёну, аб турыстычных прадуктах і мерапрыемствах, якія праводзяцца тут. У календары мерапрыемстваў Гродзенскай вобласці на 2017 год больш 300 падзей, якія могуць быць цікавыя розным турыстам „.

У інфацэнтры таксама можна даведацца пра магчымасці ўезду і выезду ў парк „Аўгустоўскі канал”, іншую важную інфармацыю. Указ Прэзідэнта Беларусі №318, які дае права замежным турыстам наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку „Аўгустоўскі канал”, уступіў у сілу 26 кастрычніка. Дакумент прадугледжвае магчымасць бязвізавага ўезду тэрмінам на 5 сутак на тэрыторыю парку і ў прылеглыя населеныя пункты Гарадзенскага раёна і горад Гародню.