Першы ў Беларусі прысуд па злачынстве на глебе гамафобіі
У Менску асуджаны малады чалавек па абвінавачванні ў рабаванні і збіцці гея з-за ягонай сексуальнай арыентацыі. Вядома, што абвінавачаны ўваходзіў у групу «Акупай-педафіляй». Са сваёй будучай ахвярай ён пазнаёміўся ў адной з сацыяльных сетак.
«Упершыню ў судовым працэсе, акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць прызнанае «ўчыненне злачынства паводле матываў варожасці або розні ў дачыненні да сацыяльнай групы — ЛГБТ-супольнасці», — тлумачыць Наталля Манькоўская з праваабарончага цэнтра «Ідэнтычнасць».
— Матыў гамафобіі не з’яўляецца асобнай кваліфікацыйнай прыкметай, бо гэта не асобны склад злачынства, але абцяжарваючыя абставіны. Гэта паказвае, што праваахоўныя органы сапраўды разглядаюць падобныя злачынствы, як злачынствы на глебе нянавісці. І тут я хачу сказаць, што гэта, вядома, крок наперад пытанне толькі ў тым: наколькі гэтая практыка будзе падтрымлівацца ў далейшым і будзе яна выкарыстоўвацца і ў іншых выпадках.
Злачынец асуджаны на падставе ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 206 (рабаванне, учыненае з пагрозай прымянення гвалту) Крымінальнага кодэкса і прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Абвінавачаны таксама абавязаны выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў 5 млн рублёў, матэрыяльнай шкоды — 150 тыс. рублёў, а ў лік судовых выдаткаў і за паслугі адваката — 2,5 млн. рублёў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя