Першы ўрок роднай культуры для сямікласнікаў



Пачаўся новы навучальны год у школах Беларусі. Першы ўрок у сёмых класах СШ № 8 горада Слоніма правёў слонімскі літаратар, краязнавец і журналіст Сяргей Чыгрын. Гэты ўрок быў прысвечаны роднай культуры, гісторыі і пісьменству.

Госць школьнікаў падвёў вынікі святкавання Дня беларускага пісьменства і друку, адзначыўшы пры гэтым, што за ўсю гісторыю Слоніма гэта было самае масавае і разнастайнае свята ў горадзе над Шчарай. Падобных святаў Слонім ніколі раней не бачыў.

Потым Сяргей Чыгрын пазнаёміў прысутных з гістарычнымі асобамі Слоніма, з яго каштоўнасцямі і падзеямі. Падчас сустрэчы вучні і настаўнікі пыталіся пра слонімскія скарбы і іх лёсы, а таксама ўсе разам паўдзельнічалі ў гістарычнай віктарыне, прысвечанай архітэктурным помнікам Слоніма і яго вуліцам.

Да сустрэчы школьнікаў са сваім вядомым земляком была арганізавана кніжная выстава, а вучні вывучылі і прачыталі шэраг вершаў Сяргея Чыгрына, адрасаваныя Слоніму.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара