Першы выпадак каронавіруса зафіксавалі ў беларускай арміі
Першы выпадак каронавіруса зафіксавалі ў беларускім войску, паведамляе Onliner.by. Гаворка ідзе пра салдата тэрміновай службы. Зараз ён шпіталізаваны, знаходзіцца ў вайсковым шпіталі ў Менску. Стан здароўя вайскоўца ацэньваецца як стабільны. Малады чалавек праходзіць тэрміновую службу ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры ў Барысаве. Зараз там увялі каранцін. Перад тым паведамлялася пра шпіталізацыю першага хворага на каронавірус ваеннаслужачага з часткі МУС. Уся рота цяпер на каранціне.
Паводле афіцыйнае статыстыкі, ужо 40 пацыентаў памерлі. Пацверджаныя 4204 выпадкаў COVID-19. Таксама Мінздароўя паведаміла, што пакуль ў Беларусі здаць тэст на covid «па жаданні», нават на платнай аснове немагчыма. Але праз 7—10 дзён, верагодна, будзе дадзены дазвол на магчымасць здачы экспрэс-тэсту.
Фота БелаПАН