Першыя ўкусы кляшчоў зарэгістраваны ў Берасцейскай вобласці



У Берасцейкай вобласці зафіксаваны першыя выпадкі ўкусаў людзей кляшчамі, паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Першым пацярпелым стала дзіця ў Івацэвіцкім раёне: клешч укусіў яго 4 лютага на прыватным падворку. У другой дэкадзе лютага былі зарэгістраваны яшчэ тры выпадкі. Ад укусаў пацярпелі два дарослыя жыхары абласнога цэнтра (на рыбалцы і ў час прагулкі з сабакам), а таксама шасцігадовае дзіця з Баранавіцкага раёна.

Спецыялісты адзначаюць, што актыўнасць кляшчоў захоўвалася і ў зімовыя месяцы ў сувязі з цёплым надвор’ем.

У мінулым годзе ў тэрытарыяльныя органы санэпідслужбы вобласці па прычыне ўкусаў кляшчоў звярнуліся 5 257 чалавек. Амаль трэць з іх (1 642) – дзеці. У параўнанні з 2018-м агульная колькасць пацярпелых павялічылася на 3,8 працэнта (з 5 058 пацярпелых 1 386 – дзеці). За мінулы год даследавалі 2 054 кляшчы, знятыя з людзей, 853 з якіх (41 працэнт) былі інфіцыраваны ўзбуджальнікам Лайм-барэліёзу.

„Заражэнне ўзбуджальнікамі Лайм-барэліёзу можа адбыцца ў розных месцах. У палавіне выпадкаў гэта тэрыторыі дачных і прысядзібных участкаў, прыватных домаўладанняў у сельскай мясцовасці. Таксама кляшчы нападаюць на людзей у лесапаркавых зонах гарадоў і лясных масівах”, – адзначылі ў цэнтры.

Клешчавым энцэфалітам, як правіла, можна заразіцца ў дзікіх прыродных ачагах, пераважна на тэрыторыях запаведнікаў і заказнікаў. Так, у Берасцейскай вобласці высокаактыўнымі прыроднымі ачагамі клешчавога энцэфаліту з’яўляюцца Белавежская і Ружанская пушчы ў Камянецкім і Пружанскім раёнах, лясны масіў Броннай гары ў Бярозаўскім раёне, сумежныя з Шацкім нацыянальным паркам Украіны лясы Маларыцкага раёна, лясныя масівы Белага возера ў Берасцейскім раёне, асобныя тэрыторыі Івацэвіцкага і Іванаўскага раёнаў.

Акрамя таго, заразіцца клешчавым энцэфалітам можна пры ўжыванні сырога казінага малака, таму яго варта кіпяціць.

Энтамолагі рэкамендуюць выконваць меры засцярогі ў час адпачынку на прыродзе, удзяляючы асаблівую ўвагу мерам індывідуальнай абароны.

belta.by