„Перспектыва” мае намер дамагацца сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта
Грамадскае аб’яднанне „Перспектыва”, якое прадстаўляе інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), мае намер дамагацца абяцанай сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай у шырокім фармаце, заявіў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.
30 сакавіка Шумчанка быў на асабістым прыёме ў Качанавай. Ён расказаў кіраўніку адміністрацыі пра імклівае скарачэнне колькасці ІП у рознічным гандлі і негатыўны ўплыў гэтай тэндэнцыі на бюджэт краіны. Паводле слоў Шумчанкі, Качанава прапанавала, улічваючы маштаб і складанасць тэмы, падрабязна абмеркаваць праблемы прадпрымальніцкай супольнасці на пашыранай сустрэчы з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта. Правесці такую сустрэчу першапачаткова планавалася ў першыя дні красавіка, аднак яна не адбылася да гэтага часу.
„Перспектыва” будзе і далей шукаць магчымасці для пабудовы дыялогу з вышэйшымі асобамі краіны. Шкада толькі, што час мінае, праблемы трэба вырашаць сёння, інакш заўтра будзе позна, а наступствы будуць значна больш дрэнныя для ўладаў, — адзначыў кіраўнік аб’яднання. — Прычыны ўсяго гэтага мне добра вядомыя і маюць пад сабой агульны падтэкст — улады асцерагаюцца магутных пазіцый „Перспектывы” і не жадаюць іх ўзмацняць сваімі сустрэчамі на вышэйшым узроўні”.
Шумчанка мяркуе, што арганізацыі сустрэчы на высокім узроўні перашкаджаюць сілавыя структуры. „Я думаю, самі чыноўнікі не супраць з намі сустрэцца, бо яны зацікаўленыя ў развіцці малога бізнесу. Але, магчыма, на іх уплываюць іншыя афіцыйныя структуры, колькасць якіх даволі вялікая ў нашай краіне. Я кажу пра тыя структуры, якія арыштоўвалі мяне год таму і ўвесь час разглядаюць „Перспектыву” як палітычную арганізацыю, хоць гэта не так. Няхай яны наверсе самі вызначацца, ці жадаюць весці з намі дыялог. А то год таму — шапку на галаву і ў турму (Шумчанка быў затрыманы і пакараны адміністрацыйным арыштам напярэдадні Дня Волі ў сакавіку 2017 года. — БелаПАН.), а цяпер кажуць, што чакаюць у Адміністрацыі прэзідэнта”, — падсумаваў старшыня „Перспектывы”.