Форум ІП пераносіцца (абноўлена)



Індывідуальныя прадпрымальнікі адмянілі свой форум 25 студзеня. Новая меркаваная дата форуму — 1 лютага. Месца — недзяржаўная пляцоўка, хутчэй за ўсё менскі гатэль “Пекін”. Пасля адмовы залі з боку Мінэканомікі і Дварца культуры МАЗ, грамадскае аб’яднанне “Перспектыва” выступіла з заявай аб пераносе прадпрымальніцкага форуму, звязанага з указам №222 і пустымі рынкамі.

Чым даўжэй улады рашаюць праблемы, тым мацней грамадства будзе салідарызавацца і тым мацнейшым будзе змаганне – заявіў лідар арганізацыі Анатоль Шумчанка.

* * *

Арганізатарам форуму прадпрымальнікаў – прадстаўнікам РГА „Перспектыва” ўжо другі раз за некалькі дзён адмовілі ў памяшканні для правядзення мерапрыемства, паведаміў старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка.

Анатоль Шумчанка

20 студзеня „Перспектыва” дамовілася пра арэнду залы ў Доме культуры Менскага аўтазавода, паведаміў Анатоль Шумчанка:

– Сёння раніцай патэлефанавалі, сказалі: “Давайце разліковы рахунак. 22 мільёны 800 тысяч калі ласка ўсё пералічвайце”. Праходзіць дзесяць хвілін, тэлефануе дырэктар: “Прабачце, у нас вайсковыя манеўры”. Зразумела, што за гэтым стаіць нейкая праўладная сіла, якая ставіць усе гэтыя прыпоны. І канешне ж, зразумелая справа, што яны сёння проста баяцца ўжо не толькі нейкіх вулічных выступленняў, яны баяцца ўвогуле любога праяўлення салідарнасці людзей.

У сувязі з гэтай сітуацыяй „Перспектыва” апублікавала заяву. „У нас складваецца ўражанне, што нейкая дэструктыўная сіла, якая мае ўладныя паўнамоцтвы, стварае перашкоды для законнага выказвання поглядаў і абароны правоў і інтарэсаў прадпрымальнікаў і штурхае грамадства да праявы радыкальных дзеянняў”, – гаворыцца ў заяве.

Форум запланаваны на 25 студзеня.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя