Пешшу да Будслава на адной вадзе
Посная пілігрымка вырушыла з-пад менскага касцёла Святых Сымона і Алены. На працягу чатырох дзён каля 50 вернікаў будуць ісці пешшу ў Нацыянальны Санктуарый у Будславе, прымаючы толькі ваду.
Гэткі незвычайны шлях ужо стаў традыцыйным для многіх вернікаў менскай парафіі, гаворыць ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк:
— З Чырвонага касцёла мы вырушаем у посную пілігрымку – гэта толькі на вадзе. Некаторыя на хлебе і вадзе. Гэта можна толькі адчуць, немагчыма гэтага перадаць. Пэўна, гэта вельмі важна, таму што яшчэ больш мабілізуе духоўныя сілы, дадае такой энергіі, энергетыкі.
Апроч посту пілігрымка адрозніваецца сваім асаблівым маршрутам — гэтак, замест асфальтаваных дарог і трас вернікі крочаць ляснымі сцежкамі, спыняючыся на начлег у малых вёсках.
Нагадаем, што ўжо 30 чэрвеня ў Будславе распачнецца Фэст у гонар Маці Божай.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара