Пік эпідэміі COVID-19 прайшлі фактычна 40–45% насельніцтва Беларусі
Пік эпідэміі каронавіруснай інфекцыі COVID-19 прайшла амаль палова насельніцтва Беларусі, паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан падчас наведвання Берасцейскай вобласці ў ходзе рэспубліканскага маніторынгу 5 чэрвеня.
«Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зніжэнне. Менская і Віцебская вобласці прайшлі гэтак жа. Гэта значыць фактычна 40–45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі, – цытуе чыноўніцу прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. – Калі пройдзе Берасцейская вобласць, у нас будзе бліжэй да 60%».
Паводле слоў Богдан, сёння Берасцейская вобласць знаходзіцца на «максімальным для вобласці плато». «Яшчэ нейкі час яна будзе знаходзіцца тут, потым пойдзе ўніз», – запэўніла яна.
Намеснік міністра адзначыла, што ўсе рэгіёны па-рознаму ўступалі ў эпідэмічны працэс, спалучаны з каронавірусам. «Пачыналася з Віцебска, потым далучыліся Менск і Менская вобласць, затым Берасцейская, практычна паралельна з ёй пайшла Гарадзенская, трошкі з адставаннем пачынае Гомельская вобласць, а найменшыя паказчыкі сёння ў Магілёўскай вобласці», – расказала яна.
Усе вобласці, падкрэсліла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя, праходзяць пэўныя этапы развіцця эпідпрацэсу. Яна заявіла, што прынятымі мерамі па ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню і пацыентаў з бессімптомным цячэннем захворвання «ўдалося пазбегнуць лавінападобнага росту захворвання».
Маніторынгавая група наведала некалькі амбулаторна-паліклінічных устаноў Берасцейскай вобласці, азнаёмілася з працай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі. У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што на сёння ў рэгіёне рэсурсаў дастаткова: ёсць свабодныя апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, дастаткова пунктаў падключэння кіслароду. «У прынцыпе, той ложкавай магутнасці, якая сёння працуе, дастаткова. Пры неабходнасці можа быць разгорнутая дадатковая колькасць ложкаў. Вобласць працуе ў рэжыме стратэгіі шпіталізацыі практычна ўсіх пацыентаў, у якіх ёсць пнеўманіі. На амбулаторны этап выпісваюцца тыя пацыенты, якія прайшлі стацыянарнае абследаванне і лячэнне і не выклікаюць якой-небудзь турботы па цячэнні захворвання», – паведамілі ў міністэрстве.
Богдан таксама звярнула ўвагу на захаванне мер асабістай бяспекі насельніцтва. «Хачу папрасіць грамадзян выконваць меры фізічнага, сацыяльнага дыстанцыявання, каб зберагчы сябе і сваіх блізкіх. У першую чаргу трэба паберагчы пажылых, родных і блізкіх, у якіх ёсць якая-небудзь цяжкая паталогія, перш за ўсё цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, якія маюць лішнюю вагу, не прыходзіць да гэтых людзей з прыкметамі прастудных захворванняў. І самае галоўнае – своечасова звяртацца да лекара», – сказала яна.
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі да 5 чэрвеня дасягнула 46.868, памерла 259 чалавек.
Фота: sb.by