Пікет каля будынка міністэрства працы і сацыяльнай абароны



Інвалід другой групы з вёскі Дзевяткі Кобрыньскага раёна Аляксандр Краўчук правёў адзіночны пікет ля будынка міністэрства працы і сацыяльнай абароны пасля сустрэчы з міністрам Ірынай Касцевіч.

Інваліду без нагі Краўчуку прыходзіцца выжываць за 50 рублёў у месяц. У гэтым пастаралася Кобрыньская ахова прыроды, пакараўшы яго штрафам больш 5 тысяч рублёў за пачышчаны на дзедаўскай сядзібе вадаём для развядзення лекавых раслін. Нібы гэтым інвалід нанёс шкоду экалогіі. Вадаём застаўся за дзяржавай. На працу ўладкавацца немагчыма.

Сваім адзіночным пікетам Краўчук хоча прыцягнуць увагу як да сваёй праблемы, так і да праблемы беларускіх інвалідаў наогул, кажа Аляксандр Краўчук:

– У сувязі з тым, што адносіны да інвалідаў негатыўныя з боку дзяржавы, адбываецца дыскрымінацыя на ўсіх узроўнях улады – і пры працаўладкаванні, і пры іншых абставінах. Таму я вырашыў выказаць сваю нязгоду з дзяржаўнай палітыкай. Калі я выехаў на калясцы ад Касцевіч, я прычапіў плакат: “Дапамажыце ахвяры прававой сацыяльнай дзяржавы”.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра Вясна Сяржука Русецкага, выпадак з Краўчуком – гэта люстэрка  адносін дзяржаўных чыноўнікаў да інвалідаў, якім цяжка выжываць за невялікія пенсіі нават без штрафаў. Знайсці работу людзям з абмежаванымі магчымасцямі нерэальна пры сённяшнім беспрацоўі.

Беларускае Радыё Рацыя