Пікет супраць збяднення насельніцтва – забаранілі



Баранавіцкі гарадскі выканкам не пагадзіўся з мэтай пікету сябра прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Рыгора Грыка, і не даў дазволу на пікет. У пісьмовым адказе за подпісам намесніка старшыні вертыкалі Дзмітрыя Касцюкевіча адзначана, што заяўленая мэта пікета не адпавядае рэчаіснасці.

Рыгор Грык планаваў 22-га жніўня правесці пікет супраць збяднення насельніцтва, каб праінфармаваць гараджан пра тое, што колькасць стратных прадпрыемстваў расце, заробкі падаюць і змяншаюцца паступленні ў бюджэт:

– Хай бы чыноўнікі прыйшлі да мяне на пікет і расказалі, якія ў нас „добрыя” заробкі. Але яны гэтага баяцца. Яны парушаюць Канстытуцыю.

Гэта ўжо не першы пікет, у якім баранавіцкія чыноўнікі адмаўляюць актывісту. На дадзены момант перадапошняя адмова разглядаецца ў абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя