Пікет у гонар Дэкларацыі незалежнасці ля сталічнага ГУМа



Увечары 27 ліпеня ў Менску адбыўся супольны пікет правацэнтрысцкай перадвыбарчай кааліцыі, прымеркаваны да 26 гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце тагачасным Вярхоўным Саветам БССР.

Ля сталічнага ГУМа пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся дзесяткі мінакоў. Вялі рэй кіраўнікі АГП, руху «За свабоду» ды Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі — Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч ды Віталь Рымашэўскі. Кандыдаты ў дэпутаты ад кааліцыі Ганна Канапацкая, Мікалай Казлоў, Вольга Маёрава наўперамен прачыталі тэкст Дэкларацыі. Яны, бадай, усе набралі патрэбныя тысячу галасоў для рэгістрацыі. Нехта ўжо і больш. Паказальна, што напачатку пікета ля ГУМа збіраліся і подпісы пад белымі сцягамі «Белай Русі» за спявачку Ірыну Дарафеееву. Але хутка згарнуліся — відаць, каб не саромецца за пустымі сталамі.

27 ліпеня ў 1990-м за прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце прагаласавалі аднагалосна 229 дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. Тады ж гэты дзень стаў дзяржаўным святам. У 1996 Дзень незалежнасці быў перанесены на 3 ліпеня пасля незаконна праведзенага рэферэндуму па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка,Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара