Пікет “у нявызначаным месцы ў нявызначаны час”
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў напісаў зварот у суд Першамайскага раёну з нагоды адміністрацыйнай справы актывісткі Караліны Цярэнцьевай.
У пратаколе, складзеным маёрам міліцыі Уладзімірам Казлоўскім, напісана, што дзяўчына правяла пікет “у неўстаноўленым месцы” і “ў нявызначаны час, але не пазней за 26-га сакавіка”. Пікетам міліцыянт палічыў відэазварот да Дня волі, які ўбачыў у інтэрнэце. І склаў пратакол з парушэннямі беларускага заканадаўства, кажа праваабаронца:
– Што значыць “у нявызначаны час”, калі да адміністрацыйнай адказнасці можна прыцягнуць толькі на працягу 2-х месяцаў пасля падзеі? Што значыць “у неўстаноўленым месцы”? Адкрыем беларускі Адміністрацыйны кодэкс і пачытаем, на якія тэрыторыі ён распаўсюджваецца. Аказваецца, не на ўсю планету Зямля! “Не ўстаноўлена”, “не ўстаноўлена” – такія складаюць пратаколы.
Таксама Павел Левінаў зазначае, што відэазапіс зроблены не на фоне бел-чырвона-белага сцяга, як напісана ў пратаколе, а на фоне тканіны двух колераў – белага і чырвонага. І што жэсты “кулачок”, “перамога” і “сэрцайка” не могуць лічыцца прыкметамі пікетавання. Як і словы Караліны Цярэнцьевай: “Мы ўсе з вамі героі. І толькі ад нас залежыць наша перамога”. Бо нават у савецкія часы нікога не прыцягвалі за адказнасці за вядомыя лозунгі “Враг будет разбит. Победа будет за нами!”
Ці пад уплывам звароту праваабаронцы, ці па ўласнай ініцыятыве, але суддзя Першамайскага райсуду Міхаіл Юрчанка адмовіўся разбіраць справу з памылкамі ў пратаколе. Адміністрацыйную справу Караліны Цярэнцьевай вярнулі ў міліцыю.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск