Пікет «За годную працу» пройдзе ў Берасці
Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт даў дазвол на правядзенне пікету ў Берасці 7 кастрычніка — у сусветны дзень дзеянняў «За годную працу».
Мэта пікета — данесці да міжнароднай супольнасці звесткі пра дыскрымінацыю працоўных у Беларусі, і звярнуць увагу саміх беларускіх працоўных на тое, што дастойная праца можа быць без страты пачуцця ўласнай годнасці, кажа кіраўнік Берасцейскага абласнога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк:
— Калі работнік сабраўся падтрымаць незалежны прафсаюз і самастойна выбірае сабе аб’яданнне, ён ужо на працоўным месцы адчувае дыскрымінацыю паводле прыналежнасці да прафсаюза. Таксама калі ён пачынае адстойваць свае правы. У Беларусі дзейнічае непрыхаванае рабства, якое толькі крыху відазмянілася, пад выглядам кантрактнай сістэмы найму.
Па вызначэнню міжнароднай арганізацыі працы, годная праца – гэта высокакваліфікаваная праца з дастойным заробкам, сацыяльная абарона працоўнага ва ўмовах свабоды аб’яднанняў і адсутнасці дыскрымінацыі на працоўным месцы.
Пікет пройдзе ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў з 16 да 18 гадзін.
Беларускае Радыё Рацыя