Пікеты ля Курапатаў забаранілі
Выканкам Менскага раёну забараніў правядзенне двух пікетаў каля мемарыяльнага комплексу ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах.
Улады матывавалі адмову тым, што арганізатары быццам парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і не прадставілі поўны пакет дакументаў аб аплаце так званых паслуг міліцыі, пажарнай бяспекі ды іншым службам.
Па словах грамадскага актывіста і журналіста, аднаго з заяўнікаў гэтых мерапрыемстваў Марата Гаравога, заяўкі ў выканкам былі накіраваны яшчэ 20 мая. Арганізатары прапанавалі мясцовым уладам вызначыць парадак правядзення пікетаў:
– Толькі за гадзіну да правядзення пікету я атрымаў ліст з забаронай правядзення пікету. Мы лічым, што ўлады паступілі незаконна, што яны парушылі наша канстытуцыйнае права на пікетаванне, што яны сарвалі акцыю, якую мы планавалі.
Таму, па словах Марата Гаравога, ёсць усе падставы звярнуцца ў суд з нагоды забароны пікетаваня і несваячасовага адказу на заяўку.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя