Пікеты ў падтрымку палітвязняў – пад забаронай
У Мядзеле і Слоніме забаранілі пікеты ў падтрымку палітвязняў. Каардынатары аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” атрымалі адказы раённых уладаў на заяўкі на правядзенне пікетаў па зборы подпісаў за вызваленне палітычых зняволеных. Адмовы атрымалі Зміцер Вінаградаў з Мядзела ды Іван Бедка са Слоніма:
– Пішуць, што не дазволена, таму што “заява “не адпавядае патрабаванням артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь”. У чым канкрэтна яна “не адпавядае”, яны не канкрэтызуюць. Нам у Слоніме ўжо больш дзесяці гадоў улады адмаўляюць у правядзенні любых мерапрыемстваў, але мы працягваем падаваць заяўкі.
Іван Бедка дадае, што абскарджваць адмову ў правядзенні пікету сэнсу не бачыць.
Партыя БХД падала заяўкі на правядзенне пікетаў у абарону палітвязняў на 22 і 23 жніўня – час, калі ня вядзецца перадвыбарчая агітацыя, “каб паказаць, што нічога не змянілася, што элементарныя нормы не выконваюцца, што правы грамадзян парушаюцца”.
“Адмова ў правядзенні пікетаў стане яшчэ адным паказнікам таго, што няма дэмакратызацыі, а толькі імітацыя дэмакратычнага працэсу на кароткі перыяд часу”, – адзначыў прэс-службе БХД сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя