30 гадоў адраджэння Уніі ў Беларусі



«Калі вы будзеце рабіць нешта з Богам, то гэтая справа будзе прасоўвацца, а калі без Бога, то гэтая справа загіне». Словы, якія сказаў святар, адзін з адраджэнцаў Беларускай Уніяцкай Царквы Ян Матусевіч.

Згадвалі добрыя абставіны, якія спрыялі адраджэнню Царквы 30 гадоў таму, пілігрымы з Беларусі ў санктуарыі абраза Маці Божай Барунскай у аднайменным мястэчку Ашмянскага раёна.

Казанне ў рыма-каталіцкім храме падчас адмысловай літургіі сказаў апостальскі візітатар для беларусаў грэка-каталікоў Сяргей Гаек:

– Трыццаць год таму група моладзі, і не толькі моладзі, прыбыла сюды да айца Яна Матусевіча, які быў пробашчам гэтага санктуарыя. Мы лічым нашай гісторыяй, нашым кайрусам да айца Яна, які ўжо ў той час адважыўся на роднай мове вяшчаць Божае слова, падбадзёраны на самой справе сведчаннем і змаганнем айца Уладзіслава Чарняўскага.

Пілігрымы з розных парафіяў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прыехалі ў Баруны з Менску, Маладэчна, Івацэвічаў, Гародні. Найдаўжэй да Барунаў даехаць гарадзенцам, бо Ашмяншчына – няблізкая. Кажа парах гарадзенскай парафіі Андрэй Крот:

– Гэта такое нашае духоўнае яднанне з братамі і сёстрамі з іншых парафій. Мы разам узгадваем тую важную падзею, пачаткі адраджэння нашай царквы, тых людзей, якія стаялі пры яе адраджэнні. Разам з тым мы знаходзімся ў святым для нас, грэка-каталікоў, месцы – у Барунскім касцёле каля абраза Маці Божай Барунскай, бо гэта месца нам паказвае, што традыцыя грэка-каталіцкая сягае не толькі 90-х гадоў, але нашмат глыбей.

У Барунскім санктуарыі знаходзіцца цудоўная крыніца, ваду з якой узялі пілігрымы перад вяртаннем назад. Апрача Барунаў, некаторыя пілігрымы здолелі наведаць Гальшаны і Трабы. У Трабах яны пакланіліся і памаліліся за пяцёх загінулых рыма-каталіцкіх беларускіх святароў, якія былі закатаваныя і забітыя ці саветамі, ці гітлераўцамі на працягу 40-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя