Пінчане абаранілі традыцыйны Дзень горада
Пінчане абаранілі традыцыю святкавання Дня горада ў першыя выходныя кастрычніка. Дэпутаты мясцовага савета разгледзелі вынікі апытання гараджан і заўвагі актывістаў. Большасць пінчан не падтрымала ініцыятыву ветэранаў, якія прапанавалі сумясціць Дзень вызвалення ад нацыстаў і Дзень горада.
Краязнаўца Эдвард Злобін упэўнены, што ўсё вырашыла эканоміка, бо калі б прыслухаліся да ініцыятывы ветэранаў, то атрымалі б „мёртвае” свята:
– У той час, калі студэнты ў горадзе ў асноўным адсутнічаюць, навучэнцы агульнаадукацыйных школ на канікулах – гэта пройдзе міма вялікага пласту людзей. Людзі ў адпачынку, у горадзе 14 ліпеня не вельмі многа людзей. Святкаваць Дзень горада пры адсутнасці гараджанаў – гэта глупства.
Грамадскія актывісты адзначаюць, што адмова ад ідэі ветэранаў, ніякім чынам не азначае негатыўнае стаўленне да Дня вызвалення Пінска ад нацыстаў альбо ўвогуле да перамогі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя