Пінчука, якога затрымалі у войску за месяц да дэмбеля, асудзілі да 3,5 гадоў калоні



У Ленінскім судзе Берасця 5 красавіка агучылі прысуд 23-гадоваму палітвязню Алегу Ардзюку

Суддзя Святаслаў Каліна прызнаў яго вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і прызначыў тры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Два з паловай месяцы ў Берасці разглядалася крымінальная справа за тое, што на акцыі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Ардзюк „кінуў палку і жменю зямлі” ў бок міліцыянтаў. Хлопца затрымалі 15 верасня мінулага году ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу — да дэмбеля яму заставаўся ўсяго месяц.

Згодна версіі абвінавачвання, Ардзюк 9 жніўня 2020 года ў Пінску выламаў кол, які падпіраў дрэва, разламаў гэтую палку на дзве часткі, адну з якіх кінуў у бок супрацоўнікаў міліцыі. Таксама, згодна адбвінавачвання, ён на вуліцы Заслонава ў Пінску кінуў жменю зямлі ў бок міліцыянтаў, паведамляе spring96.org.

Нагадаем, агулам па „пінскай справе” за акцыю пратэсту з 9 на 10 жніўня 2020 году на тэрміны ад 3 да 6,5 года пазбаўлення волі 26 палітзняволеных.

Падтрымаць палітвязня лістамі і грашовымі пераводамі:

СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Алег Дзмітрыевіч Ардзюк