Пінчукі распавялі, чаму прышчапіліся ад каронавірусу
У Пінск паступіла новая партыя супраць кавіднай прышчэпкі – 1225 доз прэпарата “Спутнік Ві”. Запіс і вакцынацыя ладзіцца ў трох гарадскіх установах аховы здароўя.
У цэнтральнай паліклініцы, пасля вялікіх травеньскіх выходных, нават утварылася невялікая чарга з ахвотных жыхароў. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў пінчукоў, што іх падштурхнула да вакцынацыі:
– Я іду на прышчэпку толькі таму, што шмат смяротнасці. І гэтым забяспечу сябе ад каронавірусу.
– Не быць распаўсюджвальнікам, лепш вакцыянавацца. Хтосьці яшчэ вагаецца, але думаю, што кожны да гэтага прыйдзе, бо гэта патрэбна для бяспекі не толькі сябе, але і акаляючых.
– Я перахварэла і не жадаю яшчэ раз хварэць так, як тады. У адпачынак трэба ехаць, маці яшчэ старэй за мяне, баюся маці заразіць.
– Баімся. З дзедам мы ўдваіх прыйшлі.
Па стане на пачатак траўня, на Берасцейшчыне першы кампанент супрацькавіднай прышчэпкі атрымала звыш 40 тысяч жыхароў вобласці, а другі – 16 тысяч чалавек. Медыкі адзначаюць, што большую актыўнасць праяўляюць грамадзяне старэйшыя за 50 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя