Пінчукоў-палітвязняў спрабуюць зламаць псіхалагічна



Пінчукоў-палітвязняў, якія знаходзяцца пад арыштам у Баранавіцкім СІЗА №6, спрабуюць зламаць псіхалагічна, – гавораць іх сваякі і паплечнікі. За кратамі знаходзяцца трынаццаць жыхароў Пінска, якія праходзяць па крымінальнай справе “масавыя беспарадкі”. Некаторыя з іх пайшлі на супрацоўніцтва са следствам і ім дазволілі сустрэчы з блізкімі.

“У дадзенай сітуацыі не можа быць папрокаў і асуджэння”, – адзначыў праваабаронца Алесь Рамановіч:

-Пэўна, у кожнага па-рознаму, у кожнага свой характар. Хтосьці можа ўжо і згубіў баявы дух, хтосьці ўжо пачынае ламацца. Сама сістэма там так пабудавана, каб чалавека зламаць. І ў такіх умовах усё залежыць ад асабістага характару. Хтосьці больш трывалы, хтосьці ўжо адчайваецца.

Суразмоўца дадае, што цяжэй за ўсё ў зняволенні прыходзіцца маладым і недасведчаным асобам, у каго яшчэ не сфармаваўся моцны ідэйны стрыжань. “Наша задача іх падтрымоўваць, каб не было адчування адзіноты і забыцця”, – кажа праваабаронца.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск